ГРО́ДЗЕНСКАЕ СТАРО́СТВА,
дзяржаўны маёнтак у ВКЛ у 2-й пал. 15—16 ст. Уваходзіла ў Трокскае ваяв. і займала большую (цэнтр., усх. і паўд.) частку Гродзенскага пав. з велікакняжацкім г. Гродна, мястэчкамі Адэльск, Азёры, Крынкі, Масты, Новы Двор, Ожа, Пералом, Скідзель і інш., вёскамі Верцялішкі, Гарадніца, Краснік, Салаты і інш. Давалася ў часовае карыстанне феадалам за службу. Гродзенскае староства было «гродавым»: староста выконваў судова-адм. функцыі ў Гродзенскім пав. і ўзначальваў гродскі (замкавы) суд у Гродзенскім замку. На каранацыйным сейме Рэчы Паспалітай 1588 пераўтворана ў Гродзенскую эканомію, але «гродавае» староства з судовымі функцыямі захоўвалася да 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795).
т. 5, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)